Іван Сямёнавіч Жарыкаў скончыў Чэрыкаўскі ветэрынарны тэхнікум (1941), праходзіў навучанне ў Ваенна-ветэрынарнай акадэміі Савецкай Арміі (1946-1948), скончыў Маскоўскую ветэрынарную акадэмію (1951). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў памочнікам ветэрынарнага ўрача Крычаўскага райздраўаддзела.

З ліпеня 1941 г. ваяваў на Заходнім, Варонежскім, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. У Чырвонай Арміі служыў да чэрвеня 1946 г.

1951-1953 гг. – выкладчык у Клімавіцкім ветэрынарным тэхнікуме.

1953-1957 гг. – інструктар сельгасаддзела ў апараце ЦК КПБ.

1957-1966 гг. – Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР: навуковы сакратар, малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела радыёбіялогіі (з 1965).

1966-1968 гг. – начальнік Галоўнага ўпраўлення па падрыхтоўцы кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР.

1968-1988 гг. – дырэктар Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР (з 1975 г. – Беларускі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага).

Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць меры барацьбы з трэматадозамі жвачных жывёл, рэкамендацыі па абеззаражванні гною з выкарыстаннем радыёбіялагічных метадаў. Апублікаваў больш 120 навуковых прац, у тым ліку восем манаграфій і кніг (частка ў суатарстве): "Фасциолез сельскохозяйственных животных и борьба с ним" (1962), "Биологические основы борьбы с трематодозами животных" (1977), "Экономическая эффективность ветеринарных мероприятий" (1981, у суаўтарстве).

Абіраўся дэпутатам Мінскага раённага і абласнога Саветаў народных дэпутатаў, членам Мінскага раённага і абласнога камітэтаў КПБ.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалём "За адвагу" і іншымі баявымі медалямі; ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.