Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч нарадзіўся 03.09.1731 у в. Занкі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям'і кальвіністаў.

1743-1745 гг. – вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі; ва ўніверсітэтах Круляўца (цяпер Калінінград), Франкфурта, Амстэрдама, Лондана.

Пасля вучобы ў Франкфурцкім універсітэце служыў афіцэрам у прускім гусарскім палку, потым у Літоўскай гвардыі. Удзельнічаў у ваенных аперацыях, быў цяжка паранены.

1761 г. – выйшаў у адстаўку. Займаўся выхаваннем дзяцей князя Радзівіла, у доме якога перайшоў у каталіцтва.

1762 г. – скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў.

1763 г. – прымае духоўны сан. Служыў настаяцелем у Гомелі i Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.

1772 г. – прызначаны епіскапам беларускім.

1774 г. – заснаваў Магілёўскую прыдворную друкарню. У ёй было выдадзена больш за 50 назваў кніг на рускай, польскай, лацінскай i французскай мовах, у тым ліку гісторыка-краязнаўчая праца Богуша-Сестранцэвіча "Аб Заходняй Расіі" (1793).

1776 г. – Магілёўская друкарня атрымала дазвол на выданне кніг на рускай мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі.

1778 г. – заснаваў у Магілёве духоўную семінарыю.

1782 г. – архіепіскап, кіраўнік беларускай каталіцкай епархіі.

1783 г. – заснаваў у Магілёве тэатр. Напісаў, выдаў і паставіў трагедыю "Гіцыя ў Таўрыдзе" (1783), трагедыю ў пяці дзеях "Ора" (1788).

1794 г. – пабудаваў у в. Маляцічы Крычаўскага раёна Касцёл Святога Станіслава – дакладную копію сабора Святога Пятра ў Рыме, толькі ў 32 разы менш.

1798 г. – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расійскай імперыі.

1801 г. – старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Кацярына II дамаглася для Богуша-Сестранцэвіча ад Папы Пія VI права на знак кардынала. Выступаў праціўнікам езуітаў і, апіраючыся на падтрымку расійскіх імператараў, вёў барацьбу з экспансіяй Ватыкана на ўсход.

Быў шырока адукаваным чалавекам, дасведчаным у літаратуры, гісторыі, аграноміі i медыцыне, займаўся даследаваннем многіх гуманітарных праблем. У коле яго навуковых інтарэсаў былі праблемы паходжання славян, прапаганда ідэй асветніцтва i гуманізму. Асаблівую ўвагу надаваў даследаванню Беларусі.

Садзейнічаў адкрыццю Віленскага ўніверсітэта, значнай колькасці школ на Беларусі.

Паспяхова вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.

Быў ініцыятарам выдання календароў ("Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.", "Каляндар беларускі" (1784-1795). Сярод найбольш грунтоўных даследаванняў "Гісторыя Таўрыды" (т. 1-2, 1800, 1806), "Гісторыя сарматаў i славян" (т. 1-4, 1812), "Даследаванне аб паходжанні рускай мовы", "Літоўская граматыка". Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў на польскай i лацінскай мовах, выдаў значную колькасць твораў у сваім перакладзе з еўрапейскіх моў.

Член Расійскай акадэміі навук, прэзідэнт Імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства, ганаровы член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, Грамадства ўстановы вучэльняў па метадзе ўзаемнага навучання (Бэла і Ланкастэра), Расійскага мінералагічнага грамадства, Варшаўскага і Рыжскага таварыстваў сяброў навук, Кракаўскага навуковага грамадства; ганаровы прафесар Маскоўскага, Віленскага, Кракаўскага ўніверсітэтаў, Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі і Лонданскай агранамічнай асацыяцыі.

Узнагароджаны ордэнамі Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжамі Уладзіміра Вялікага, Ганны І ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Ерусалімскага.