Васіль Васільевіч Сідарэнка скончыў Кіеўскі электрамеханічны тэхнікум, філалагічны факультэт Чарнавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Шмат гадоў працаваў супрацоўнікам аддзела інфармацыі, пазней – загадчыкам аддзела газеты Саюза пісьменнікаў Украіны "Літаратурная Украіна", на партыйнай рабоце, у Міністэрстве нацыянальнасцей Украіны.

З 1961 г. друкаваўся ў беларускіх выданнях (газеты "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная змена", часопіс "Полымя") і ўкраінскіх (часопісы "Дніпро", "Україна", "Данбас", газеты "Літаратурна Україна"); калектыўных зборніках. Першы паэтычны зборнік "Яса" ("Золак") выйшаў у 1972 г. на ўкраінскай мове (аўтарызаваны пераклад з беларускай). Аўтар зборніка вершаў "Адлегласць" (1997). Творы паэта друкаваліся ў перакладзе на венгерскую, малдаўскую, рускую мовы.

Займаўся перакладамі з беларускай мовы на ўкраінскую твораў Я. Коласа, У. Караткевіча, М. Танка і іншых беларускіх празаікаў і паэтаў ХХ ст. Упершыню пераклаў на ўкраінскую мову п'есу Я. Купалы "Тутэйшыя", паэму М. Танка "Мікалай Дворнікаў".