Ісак Абрамавіч Сербаў скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археалагічны інстытут (1901).
Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах.
1917-1918 гг. – загадчык аддзела народнай асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губерні.
1919 г. – аддзелы народнай асветы Магілёўскай і Гомельскай губерняў, Надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці.
1922 г. – абіраецца правадзейным членам Інстытута беларускай культуры; адначасова выкладчык, загадчык кафедры этнаграфіі ў БДУ (1923-1928).
1924 г. – за комплекс апублікаваных прац без абароны дысертацыі надаецца вучоная ступень кандыдата гістарычных навук.
1929 г. – вучоны сакратар кафедры этнаграфіі Акадэміі навук Беларусі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны працаваў выкладчыкам у Тамбоўскім педагагічным інстытуце.
Даследаваў фальклорна-этнаграфічны стан Магілёўскага, Чавускага Бабруйскага, Ігуменскага (цяпер Чэрвеньскі раён), Мазырскага і Слуцкага паветаў. Сабраў шмат старажытных рэчаў беларусаў і каля 300 твораў розных фальклорных жанраў – песень, казак, легендаў, загадак, прыказак, прымавак, зафіксаваў мноства дыялектных узораў, якія пазней склалі аснову яго манаграфій і артыкулаў.
Першы з беларускіх этнографаў стварыў фотатэку з каля пяці тысяч фотаздымкаў, у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоў, вырабы рамёстваў і інш.
Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы і назіранні абагульніў у працах "Сяло Вялікае. Малюнкі з жыцця Беларусі" (1910), "Вандроўкі па Палессі 1911 і 1912 гг." (1914), "Беларусы-сакуны" (1915), "Вічынскія паляне" (1928).
На аснове калекцыі народнага адзення і мастацтва, сабраных Сербавым, выдадзены альбом "Беларускае народнае мастацтва" (1951).