Барыс Іванавіч Первунінскіх нарадзіўся 27 красавіка 1941 г. у с. Райгарадок Какчэтаўскай вобласці (Казахстан).

Скончыў Ніжнетагільскае мастацкае вучылішча (1965), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1972).

Працаваў у майстэрнях мастацкага фонду Саюза мастакоў Беларусі ў Магілёве, у Магілёўскім вучылішчы культуры імя Н.К. Крупскай выкладчыкам жывапісу, малюнка і пластычнай анатоміі.

Удзельнічае ў мастацкіх выстаўках з 1966 г. На Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ у Ленінградзе і Маскве экспанавалася серыя акварэльных лістоў "Прачкі". На міжнароднай выстаўцы ў Даніі быў прадстаўлены графічны ліст "Стваральніца штучнага валакна" з серыі работ "Магілёўскі лаўсан".

Працуе ў станкавай графіцы і жывапісе. Аўтар партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, распрацоўваў спартыўныя тэмы. Сярод работ: серыя работ "Магілёўскі лаўсан"; "Сум", "Хлопчык са свечкай", "Баксёры на трэніроўках", "Эстафета", "Партрэт старога", "Родны кут", "Летні сон", "Сосны на высокім беразе", "У краі крынічнай вады" і інш. Тэма Вялікай Айчыннай вайны адлюстравана ў творах "Памяць аб вайне", "Хатынь" і інш.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага Саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, выставачным аб'яднанні "Цэнтральны Дом мастака" ў Маскве, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, Выставачнай зале г. Бабруйска, Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

Узнагароджаны медалём Беларускага Саюза мастакоў "За заслугі ў выяўленчым мастацтве" (1991).