Георгій Георгіевіч Паплаўскі нарадзіўся ў г. Роўна (Украіна), дзіцячыя гады прайшлі ў г. Бабруйску (з 1932). Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1955), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1961).

1962-1965 гг. – выкладчык у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

1965-1968 гг. – выкладчык у Беларускім палітэхнічным інстытуце.

1988 г. – кіраўнік графічнай майстэрні дзяржаўнай установы культуры "Творчыя акадэмічныя майстэрні графікі" Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Удзельнік мастацкіх выставак з 1954 г.

Працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, станковым жывапісе. Асноўныя творы – графічныя серыі "Памяць" (1968), "Браслаўшчына – край азёрны" (1971-1998), "Камандзіры" (1973), "Азёрны край" (1975), "Чарнобыль. Дрэвы без лісця" (1987); жывапісныя палотны "Сыны-партызаны" (1969), "Браслаўскія каласніцы" (1970), "Блакада" (1976), "Чарот" (1977); ілюстрацыі да кніг "Новая зямля" і "Выбранае" Я. Коласа, "Яна і я" Я. Купалы, "Ваенныя аповесці" В. Быкава, "Слова аб палку Ігаравым", класікаў сусветнай літаратуры.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб'яднанні "Цэнтральны дом мастака", Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Музеі выяўленчага мастацтва імя А. Пушкіна ў Маскве, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, Смітсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Індыі, ЗША.

1968 г. – дыплом "Найпрыгажэйшая кніга свету" на конкурсе ў Лейпцыгу за афармленне кнігі "Новая зямля" Я. Коласа.

1970 г. – прэмія Ленінскага камсамола Беларусі за мастацкую распрацоўку нацыянальнай беларускай тэматыкі ў галіне станковай і кніжнай графікі і серыю "Памяць".

1974 г. – Міжнародная прэміі імя Дж. Неру за станковыя лісты "Індыйскі дзённік" і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх прыпавесцяў "Ціракурал".

2002 г. – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за серыю акварэляў "Браслаўскі альбом" і цыкл графічных работ па матывах творчых паездак па Інданэзіі і Кубе, выкананых у 1997-2001 гг.

2011 г. – прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1986); сярэбраным медалём Акадэміі мастацтваў СССР (1984), залатымі медалямі імя М. Грэкава (1990), імя Ю. Гагарына (1988), імя Пушкіна (2000), дыпломам і медалём Ф. Скарыны Рэспубліканскага конкурсу за лепшыя выданні (1969, 1981, 1984).